30.08.2018 Грамадства
Людзі ў чорным заштурхнулі блогера ў бус і звезлі
У Берасці раптоўна раніцай у 8-27 блогер Сяргей Пятрухін распачаў відэастрым. “Ребята, да мяне ламаюцца мянты, я ў шоку...”
Гледачы пабачылі як у кватэру відэаблогера ўварваўся АМАП, пачуліся крыкі: “На зямлю! Тварам у дол...” Трансляцыя перапынілася…
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
”Калі я прыбыў па месцы жыхарства Пятрухіна, уваход у пад'езд апынуўся заблакаваны на ўваход. Званкі ідуць на іншую кватэру, дзверы звонку не адчыняюцца, нават, калі жыхары націскаюць адпаведную кнопку, каб прапусьціць падтрымку.
Перад пад'ездам стаяў АМАПаўскі бус і паоддаль пару міліцэйскіх “бобікаў”
Наляканая бабушка ў двары сказала: “Ізноў прыехалі...”
“У кватэры Пятрухіна праводзіцца ператрус”, - сказаў вучастковы Ігнатоўскі, за плячыма якога стаялі тры АМАПаўцы: “Скончым праз паўгадзіны. Ён жывы, здаровы, там прымем рашэнне...”
Надышла чарга АМАПа, яны настойліва з недвусэнсоўным выразам вачэй, схаваных пад чорнымі маскамі, параілі праваабаронцу пакінуць пад'езд.
Варта адзначыць, што жыхары дома наляканыя, шмат хто вызірае на вуліцу праз зачыненыя вокны, назіраюць за развіццём падзей.
Падышло яшчэ некалькі неабыякавых грамадзян, ізноў не пускаюць, "тэлефон прыбярыце!",- кажуць. Намагаюцца выдаліць неабыякавых грамадзян. “Мы закон не парушаем”, - кажуць неабыякавыя. АМАПаўцы натужна думаюць, што рабіць з неабыякавымі. Пачалі залякваць і правакаваць прысутных, пагражаць адказнасцю, маўляў ім перашкаджаюць...
Каб не весціся на амапаўскія правакацыі неабыякавыя грамадзяне муселі пакінуць пад’езд.
Праз нейкі час АМАП раптоўна вывеў Пятрухіна, заштурхнулі ў свой бус, людзі пабачылі, што блогер быў у кайданках, і звез у невядомым кірунку.
З кватэры блогера міліцыянты вынеслі кампутар, ноўтбук і 2 торбы. Панятых неабыякавыя не пабачылі. Мо іх не было?
Пранікненне ў кватэру відэаблогера адбывалася з узломам дзьвярэй.
Па неафіцыйнай інфармацыі Сяргея Пятрухіна павезлі ў Ленінскі РАЎС, дзеля дачы сведчанняў.
Адзін з вучастковых паабяцаў, што блогера адпусцяць. І сапраўды ў 13-30 неабыякавыя грамадзяне сустрэлі відэаблогера пад плотам Ленінскага РАЎС...
Распавядае Пятрухін: “Раніцай мяне абудзіў настойлівы грукат ў дзверы, я не звярнуў на яго ўвагу, ляжаў у ложку. Калі пачалі валіць у дверы кувалдай, зразумеў, што справа сур’ёзная. Я падхапіўся і ўключыў “жывы эфір”. Я не чуў, каб хто казаў, што гэта міліцыя, ніхто не прадстаўляўся, нехта проста валіў кувалдай па дзвярох. Потым усё адбылося імгненна, яны ўляцелі ў хату, пачалі крычаць страшнымі галасамі..., закавалі ў кайданы.
Пятрухін паказвае сляды на руках
Паставілі на калені ў трусах пры панятой, жанчыне. Кіраўнік групы заламіў закаваныя за спіной рукі ў гору і распляскаў мой твар па падлозе сеўшы мне на карак. Падчас ператрусу мне часова знялі кайданкі і далі апрануцца, забралі сістэмны блок, ноўтбук, тэлефон і наклалі арышт на майно адпаведна ордэра следчага па маёй крымінальнай справе Андраніка Хачатрана. На канец ізноў начапілі кайданкі. У бусе амапаўцы кінулі мяне на падлогу і адвезлі ў Ленінскі РАЎС.
З трох амапаўцаў асаблівай схільнасцю да садызму вылучыўся самы маленькі з іх, кіраўнік групы. Гэта ён сядаў мне на карак, па-бальней заціскаў кайданкі - відавочна псіхічна-неўраўнаважаны тып”.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што ўлады намагаюцца “заткнуць рот” вядомаму відэаблогеру, залякаць яго, каб адхіліць ад грамадзкай дзейнасці, а заадно залякаць насельніцтва. Улады відавочна правакуюць выбух грамадзкага абурэння... Цікава каму гэта трэба?