27.08.2018 Грамадства
У гэтым месяцы брэсцкія ўлады адмовілі ў правядзенні 8 мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
Каля поўдня 26 жніўня больш за 70 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў чарговы раз сабраліся на плошчы Леніна ў Брэсце.
Як і на папярэдніх сустрэчах, якія праходзяць тут што нядзелю з 25 лютага, удзельнікі пратэстовай акцыi ніякіх плякатаў не разгортвалі. Яны стаялі групамі, кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.
У прыватнасці, гаворка ішла аб тым, што падаваліся заяўкі на восем мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода — па чатыры 25 і 26 жніўня, на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, які вызначаны ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Мясцовыя ўлады забаранілі іх на падставе таго, што ў гэтыя дні там нібыта будуць праводзіцца рамонтныя працы.
Падчас сённяшняга абмеркавання жыхарка Брэста Лада распавяла, што 25 жніўня каля 13 гадзін прыходзіла да гэтай пляцоўцы. Рабочыя агароджвалі яе плотам, але пашпарта аб'екта вывешана не было.
«Я спытала, ці будзе пашпарт заўтра, на што атрымала адказ, што ў нядзелю ніхто працаваць не будзе», — распавяла яна.
Людзі, якія сабраліся лічаць, што рамонт спецыяльна задуманы, каб не даць магчымасці супернікам будоўлі правесці там мітынгі. Актывісты таксама мяркуюць, што рамонт будзе доўжыцца да канца года, паколькі праціўнікі небяспечнай будоўлі раней заяўлялі пра намер рэгулярна падаваць заяўкі на правядзенне мітынгаў у гэтым месцы да канца года.
Так, актывісты падалі заяўкі на два мітынгі «Берасцейцы супраць акумулятарнага завода»: 8 верасня — на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, на 9 верасня — у цэнтры Брэста.
Даведка:
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Паўлюк Кавалёў