22.08.2018 Грамадства
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода - чарговы раз выйшлі на галоўную плошчу Берасьця
У нядзелю, 19 жніўня, каля паўсотні неабыякавых людзей на плошчы Леніна абмяркоўвалі разгляд у Брэсцкім абласным судзе скаргаў трох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, якія былі пакінутыя без задавальнення.
Дзве скаргі - Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленка - былі разгледжаны 15 жніўня. Яны прасілі адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста, які 11 ліпеня прызнаў іх вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (490 рублёў) кожнага.
Бекалюка і Ярмоленка затрымалі 24 чэрвеня у Брэсце каля рынка на вуліцы Пушкінскай, дзе яны збіралі подпісы за адстаўку брэсцкіх чыноўнікаў - кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў.
Брэстчанка Ірына лічыць, што гэта паказальныя суды, мэта якіх - запалохаць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Пры гэтым прысутныя казалі пра тое, што рэпрэсіі ўладаў не спыняць іх, яны маюць намер і далей патрабаваць закрыцця небяспечнай будоўлі.
Такія сустрэчы праціўнікаў завода праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
Ўзвядзенне прадпрыемства пачалося ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Там будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Берасцейцы сабралі амаль 37 тыс. Подпісаў супраць будаўніцтва завода і перадалі іх у Адміністрацыю прэзідэнта.
П. Кавалёу