14.08.2018 Грамадства
Перамога бацькоў першакласнікаў з Баранавіч
Аб змаганні бацькоў пісалася на сайце Брэсцкай “Вясны” 17 і 26 ліпеня гэтага года. І ёсць вынік: Дзесяць дзетак першаклашак з Баранавіч будуць навучацца ў гэтым годзе ў 4-й гімназіі! Такі адказ атрымалі бацькі з баранавіцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама сп. А.Гарбуза.
Праўда, у гэтым годзе гэтыя першакласкі будуць навучацца не ў самой гімназіі, а ў яслях-садзе № 50 г.Баранавічы.
Нагадаем, што змаганне самых бацькоў, сябраў Баранавіцкай арганізацыі таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ды праваабаронцаў было няпростым. І пачалося яно яшчэ летам прошлага года. Адбылося нямала сустрэчаў з дырэктарам гімназіі № 4, намеснікам старшыні Баранавіцкага гарвыканкама сп. Гарбузам, старшынём гарвыканкама Грамакоўскім ды загадчыкам ГАРАНа сп. Пузікавым, а таксама з дапамогай праваабаронцы ПЦ “Вясна” С.Гоўшы бацькамі падаваліся скаргі ў Міністэрства адукацыі РБ, ў Баранавіцкі гарвыканкам і г.д.
І вось Баранавіцкія ўлады знайшлі з бацькамі паразуменне. Маленькая-маленькая перамога.
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша, у мінулым дэпутат Брэсцкага абласнога Савета мяркуе: “Перамога сапраўды маленькая. Будзе яна ВЯЛІКАЯ, калі мы вернем у Беларусі належнае месца БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ. Яна павінна быць АДЗІНАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ! Руская мова няхай будзе, як гэта прадугледжвалася ў Законе аб мовах - мовай міждзяржаўных зносін.
Мы павінны адмяніць незаконны ўказ Лукашэнкі аб наданні рускай мове ў Беларусі статуса дзяржаўнай. Без гэтага – мы ніколі не станем БЕЛАРУСАМІ! Страта беларускай мовы і Беларусі ляжыць на сумленні Лукашэнкі. За гады яго кіравання ў Баранавічах не засталося ні адной беларускай школы, садка ці вышэйшай навучальнай установы!!! Ды так паўсюдна.
А гэта, лічу, здрада народу, нацыі, зямлі беларускай.
Дык што гэта было, нявопытнасць першага Прэзідэнта, памылка, ці свядомы выбар?”