30.11.2018 Грамадства
За гэта не адказваю. Гэта не да мяне. Гэта не ў маёй кампетэнцыі...
29 лістапада група грамадзян сустрэлась з намеснікам старшыні аблвыканкама Алегам Вялічка. На гэты раз мне ўжо забаранілі і аўдыёзапіс. Намеснік старшыні аблвыканкама Алег Вялічка сказаў, што ён не жадае, каб яго голас гуляў па сетцы.
А на мой аргумент, што людзям вельмі цікава ведаць, што і як адбываецца на падобных мерапрыемствах, адказаў: «Не хачу!». Сустрэчу я ўсё роўна запісаў на аўдыё, але выкладваць пакуль устрымаюся, таму як вельмі ёй разачараваны. Пытанні, з якімі на сустрэчу прыйшлі грамадзянскія актывісты Віталь Казак і Людміла Дзенісенка здаліся мне не зусім дарэчнымі на прыёме ў намесніка старшыні вобласці.
Людміла Дзенісенка выказала прэтэнзію, што 7 лістапада на ўскладанні кветак дзядулі Леніну ўлады не дазволілі камуністам выкарыстоўваць гукавую апаратуру, і ўскладанне без савецкіх песень прайшло прэсна. Алег Вялічка адказваў у сваім стылі, што, маўляў, музыка якая гучыць у грамадскім месцы можа перашкаджаць іншым грамадзянам і ўшчамляць іх правы і законныя інтарэсы.
А футбольныя матчы і крыкі да 23. 00 і забарона продажу піва не парушае законныя інтарэсы тых, хто жыве побач або канцэрты на вяслярнымт канале? Трэба ж цяміць хоць трохі і думаць, што кажаш і кім з'яўляешся. Любыя мерапрыемствы могуць камусьці не падабацца і перашкаджаць - гэта непазбежна. А вось ўстрымацца ад падобных выказванняў - можна. І нават трэба.
Віталь Казак падняў праблему вулічнага смёта, што апынулася зусім не па адрасе. Людміла Дзенісенка паскардзілася, што ў парку 1 мая ўсе гурткі і секцыі для людзей трэцяга веку сталі платнымі і яшчэ адна заваёва Вялікага Кастрычніка знікла ў жорнах рынкавай эканомікі. Так сама міма. Ўздымалася пытанне аб дэфіцыце ўрачоў - афтальмолагаў і неўролагаў.
Галоўны лекар Брэста Сяргей Кляус запэўніў Алега Вялічку, што ў актывістаў скажоная інфармацыя, што ўсё нармальна, але невялікія недахопы маюцца. Гэтак жа Сяргей Кляус сказаў, што людзі не карыстаюцца інтэрнэтам пры запісе да лекараў і тым самым моцна ўскладняюць жыццё сабе і лекарам. Маўляў, усё проста, зайшоў у інтэрнэт - клац па клаве і ўсё! Ідзі на прыём. Маўляў ўсе медустановы ў Брэсце так працуюць. Я спытаў і дзіцячая стаматалогія? На што атрымаў сцвярджальны адказ ад намесніка галоўнага лекара Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяны Корчык. Ну-ну. Толькі на мінулым тыдні браў сыну талончык да зубнога - прыйшоў у 7 гадзін і стаяў у чарзе. Спытаў ці можна на другі дзень ўзяць - у рэгістратуры адказалі, што даюць толькі дзень у дзень. Па интрернету мне ні разу не ўдалося атрымаць талон да ўрача. НІ РАЗУ. За усе жыццё. Але гэтага я не сказау.
Алег Вялічка тут жа прывёў аповяд нейкай жанчыны, якая ў Нарвегіі трапіла на прыём да лекара аж но праз два месяцы пасля запісу. У Нарвегіі! Я зразумеў, што ў Нарвегіі ахова здароўя ў параўнанні з нашай - адстой.
Потым пенсіянер Сямён Сямёнавіч доўга распавядаў, як ужо цэлы год змагаецца з ЖКГ за гарачую ваду ў сваім доме. Па нейкай прычыне год таму ў шматпавярхоўку спынілі падаваць ваду адпаведнай тэмпературы. Гэта адбываецца пасля 22. 00 і ён адчувае дыскамфорт таму што не можа памыцца. Алег Іванавіч задаў Сямёну Сямёнавічу слушнае пытанне: «А навошта вы мыецеся па начах?» Мыйцеся, маўляў, днём і праблемы не будзе.
Адзінае вартае пытанне было узнята - чаму гарадскія ўлады не дазваляюць людзям праводзіць мірныя акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода? Было адмоўлена ў правядзенні больш за 20 мерапрыемстваў. Алег Іванавіч, сказаў, што гэта не ў яго кампетэнцыі. Маўляў, гэта ад Рагачука залежыць. На што Казак запярэчыў - так мы да вас прыйшлі, каб вы разабраліся з гэтым .... Намеснік Анатоля Ліса разводзіць рукамі ...
Сустрэча доўжылася паўтары гадзіны. На мой погляд, абсалютна неканструктыўна. Навошта збіраліся? Пабалбатаць? Алег Вялічка неаднаразова казаў, што галубоў карміць ня трэба па нядзелях. Прыходзьце лепш да мяне ў нядзелю - пагаворым. І заўсёды дадаваў - Праўда, я не спецыяліст па свінцу ... Так і тут. За гэта не адказваю. Гэта не да мяне. Гэта не ў маёй кампетэнцыі. У нас, кажа, усё нармальна. У Нарвегіі горш. Радуйцеся, што хоць гэта ёсць. У вас скажоная інфармацыя. Суды працуюць выразна. Міліцыя ні ў чым не вінаватая. Такая вось бруя.
Вядома, что такія метады кіравання ідуць зверху, калі Галоўны прыязджае на месца і дае ўсім прыкурыць. Тыя, хто ніжэй пішуць грамадзянам адпіскі і ўправы на іх не знайсці. І таму ідуць людзі да тых, хто вышэй і можа даць прыкурыць тым, хто ніжэй.
Такі сістэмны алгарытм і ўпэўненасць, што вось калі Галоўны даведаецца, дык ён разбярэцца і ўсіх пакарае. Я чамусьці ўпэўнены, што літаральна на днях праблема Сямён Сямёныча вырашыцца і ён зноў атрымае магчымасць мыцца па начах, але ж галоўная праблема - бесчалавечная Сістэма - застаецца. Сістэма для якой чалавек - НІХТО. Мы забыліся самае галоўнае, што ГАЛОЎНЫЯ - гэта мы. Але гэта складанае, я бы сказаў, эвалюцыйнае пытанне, таму пакуль адпачываем ... і рыхтуемся да выхадных.