01.11.2018 Грамадства
Праблема схадзіць па-вялікаму на вачах сакамернікаў з часам мінае
Знаходжанне пад адміністратыўным арыштам не такая бескарысная рэч, як здаецца. Асабліва гэта тычыцца брэсцкага ІЧУ, які знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага РАУС г. Брэста.
Па-першае, гэта добрая нагода пазнаёміцца з архітэктурай. ІЧУ знаходзіцца ў паўпадвальным памяшканні будынка пабудаванага пры паляках. Антураж надзвычай файны. Каваныя цяженныя дзверы з адкідальнай кармушкай, праз якую арыштантам даюць ежу і перадачы. Муры ў «футры». Шканары ў два паверхі, прыкручаныя да муру таўшчэзнымі балтамі.
У самай вялікай камеры, №11, можа адначасова ўтрымлівацца 8 чалавек. Астатнія камеры разлічаны на 4-6 чалавек. Ўмовы ўтрымання жудасныя. Вельмі дрэннае электрычнае асвятленне. Сонечнае святло прабіваецца, але яго колькасць нікчэмна мала. Чытаць немагчыма. Паўзмрок. Імжа. Паветра затхлае, падвальнае. Пагаршае сітуацыю “толчок”, больш падобны да парашы. Дзірка «санвузла» знаходзіцца каля ўваходных дзвярэй. З аднаго боку сьцяна з другога невысокая да пояса перагародка. Для асабліва адчувальных арыштантаў схадзіць па-вялікаму на вачах сакамернікаў з'яўляецца як бы праблемай, але з часам гэта праходзіць.
Займацца там асабліва няма чым. Прагулка вяртае да жыцця і свежае паветра радуе лёгкія. Можна гуляць у настольныя гульні. Толькі гульні трэба прыносіць з сабой. У ІЧУ нічога няма, акрамя смярдзючых матрацаў і коўдраў. На кожным століку ў ІЧУ надрапана гульнявое поле для гульні ў «Мандавошку».
За апошнюю адсідку я асвоіў правілы гэтай дзіўнай, азартнай, непрадказальнай гульні і пышна правёў час з сакамернікамі. Кожны раз, трапляючы ў ІЧУ, сустракаешся з рознымі людзьмі і даведваешся шмат новага.
У гэты раз здарылася тэма ЛПП. Ад сукамернікаў я даведаўся шмат цікавага пра гэтыя ўстановы. Я ў прынцыпе і раней цікавіўся гэтай тэмай, але сакавіта атрымалася менавіта цяпер.
Са слоў таварышаў па няшчасці перадам вам наступнае. ЛПП - лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе людзей лечаць ад згубнай прыхільнасці да алкаголю. Так задэкларавана. Але на самой справе там і лекараў-то мой сукамернік не бачыў. Толькі міліцыянтаў. І рэжым як у зоне, і структура такая ж з абшчаку і пеўнямі. Сэнс ЛПП - дармовая рабская праца хворых людзей. Прэмія за «галаву аклкаша» 100 рублёў, але нехта казаў, што і 200 плацяць участковым, якія "добра" працуюць. Нікога там не лечаць. Толькі дабіваюць. Тых, хто піша скаргі саджаюць у карцэр. Скаргі нікуды не сыходзяць. Калі вы ведаеце людзей, якія могуць падзяліцца сваім вопытам на камеру тэлефануйце +37529 539 76 76. Мы абавязкова будзем асвятляць гэтую тэму, тым больш, што двое берасцейскіх участковых Ленінскага РАУС чакаюць суда па фактах атручвання адзінокіх людзей, якія пакутуюць на алкагалізм, і незаконным авалоданнем нерухомасці аднаго з іх.
Адзін з падпісантаў, прачытаўшы матэрыял на «Вясне» аб тым, што я стаў адэптам «Мандавошки» і ведаючы маю адданасць сумленным супрацоўнікам міліцыі даслаў у падарунак макет «Мандавошки», які я раздрукую на тканіне і вазьму з сабой на наступную адсідку.