Друк
22.08.2012 Грамадства
Алег Трусаў: Скарачэнне беларускамоўных школ можа прывесці да выраджэння нацыі

Набліжаецца пачатак навучальнага года, але, як вядома, сітуацыя з беларускамоўнымі школамі пастаянна пагаршаецца. Чаму так адбываецца? Што чакае нас далей? Аб гэтым карэспандэнт www.Euramost.org гутарыць са старшынёй Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алегам ТРУСАВЫМ.

Вясной гэтага года Радыё Свабода паведаміла, што ў Беларусі зачыняюцца яшчэ 114 школ. У пераважнай большасьці — беларускамоўныя ў сельскай мясцовасці.

Напрыклад, у двух адміністрацыйных раёнах Гродна былі прызначаны толькі дзве школы, куды бацькам рэкамэндавалі падаваць заявы, калі яны хочуць, каб іх дзеці займаліся на беларускай мове. На Магілёўшчыне школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, у пяць разоў менш, чым тых, якія вучацца на рускай мове.

Па словах старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай школы» Алеся Лозкі, "скарачэнне школ у Беларусі, сапраўды, стала сумнай сацыяльнай з'явай".

"Фактычна штогод у сярэднім 100 школ зачыняецца, - кажа ён. - Прычым большасць гэтых школ — беларускамоўныя. І калі ў самім далучэнні малакамплектных школ да больш буйных нібыта няма праблемы для дзяцей, то яна выяўляецца ў іншым. Справа ў тым, што дзеці з беларускамоўных школ пераводзяцца ў рускамоўныя школы і страчваюць навучанне па-беларуску. Страчваецца пераемнасць".

- Дакладныя лічыбы па беларускамоўных школах і класах мы будзем мець толькі 1 верасня, таму што інфармацыя альбо ўтойваецца, альбо наогул ніхто яе не лічыць, бо людзі яшчэ ў адпачынках, - кажа Алег Трусаў. – Але спробы ствараць беларускамоўныя класы ТБМ працягвае. Друкуем адпаведныя абвесткі. У гэтым плане на Гродзеншчыне вельмі актыўна працуюць, у Мінску. Будзем у хуткім часе збіраць Беларускі бацькоўскі камітэт перад навучальным годам. Робіцца пэўная работа – не без гэтага.

- Ёсць тэндэнцыя скарачэння беларускамоўных школ. Як вы гэта можаце пракаментаваць?
- Натуральна, ідзе скарачэнне - асабліва на вёсцы. Самае страшнае, што няма дзяцей. Беларусь выраджаецца, каго вучыць? Давайце паглядзім на пачатак 90-х гадоў, калі ў некаторых гарадах большасць школ у першых класах сталі беларускімі. І пытанняў не было. Але для гэтага трэба, каб бацькі ведалі, што і ва ўніверсітэтах усё будзе на мове, і начальства будзе ведаць беларускую мову. Тут, як кажуць, палітычнае пытанне. Калі б кіруючыя асобы ў Беларусі загаварылі б па-беларуску, у беларускія школы пайшлі б тысячы людзей.

- Да чаго наогул можа прывесці пастаяннае скарачэнне беларускамоўных школ?
- Да ліквідацыі нацыі і дзяржавы.

- На гэтай Алімпіядзе спартыўныя беларускія каментатары Павел Баранаў і Дзмітрый Герчыкаў пачалі весці рэпартыжы на беларускай мове, але пасля кіраўніцтва БТ загадала перайсці ім на рускую мову. Ці ведаеце вы пра такі факт?
- Не толькі ведаю, але наша таварыства даслала ў Белтэлерадыёкампанію і адпаведны ліст з просьбай патлумачць сітуацыю. На жаль, адказу да гэтага часу няма. А чаму забаранілі? Разумееце, у апошнія гады ў правячых элітах ідзе велізарная барацьба паміж тымі, хто выступае за мову, культуру і незалежнасць, і маскоўскай "пятай калонай". І вось хоць гэтая барацьба, як кажуць, па дываном, але яна пастаянна праяўляецца. То нешта з'яўляецца беларускае, то нішчыцца.

- Дарэчы, на сайце "Прессбола" ідзе апытанне, каго лічыць лепшым каментатарам на Алімпіядзе, і там у лідарах менавіта Баранаў і Герчыкаў. Моладзь галасуе за мову?
- Ды і не толькі моладзь – многія падтрымліваюць. І тут спрацоўвае фактар незалежнасці. 25 жніўня будзе 21 год, як існуе незалежная беларуская дзяржава. А фактар незалежнасцті заўсёды прыводзіць да таго, што ў народзе ўмацоўваюцца нацыянальныя фактары – мова, культура, гісторыя. Вось, напрыклад, нядаўна была прэзентацыя кніжкі Уладзіміра Арлова пра Вялікае Княства Літоўскае, якую праводзіла бібліятэка Акадэміі навук. Дык там не было дзе стаць. Зайсці ў залу было немагчыма – столькі прыйшло людзей. Ад моладзі да сталых людзей. І ўсе куплялі кніжку, якая каштавала 350 тысяч. Вось вам і адказ. Кніга ж па-беларуску напісана, і яна пра Беларусь.

euramost.org/?artc=15952
 
© 2020 "Берасцейская вясна"