
“Тварам да сцяны! Рукі на сцяну! Далоні вонку! Ногі шырэй!” Праверылі прыладай. “Пакажы правы бот! Левы! Рукі за спіну! Проста па калідору”... Перад кожнай закратаванай перагародкай: “Тварам да сцяны! Рукі за спіной”. Дзверы адчыняюцца: “Хутка праходзім”...
Дабеглі да “прыёмнага аддзялення”. “Распранайся”. Абмацалі, празванілі вопратку, асабліва швы, кішэні. “Трусы здымі. Нахіліўся. Ягадзіцы развядзі”. Эксперт уважліва ўгледзеўся ў глыбіню, задаволена хмыкнуў: “Апранайся”.
Кладаўшчык за сталом адкладае атрыбут улады на паблізкае піаніна:

“Каморка?”
- “26”.
Дастае скрынку. Паводле акту выняцця рэчаў выдае: папругу, шнуркі, грошы, тэлефон, ключы, мегафон...
Сярога намагаецца ўключыць тэлефон. Марна. За месяцы за кратамі тэлефон цалкам разраджаны. “Ды й невядома, што з ім рабілі, пакуль я сядзеў” – падумаў Сярога.
Жалезныя дзверы брязнулі, са скрыгатам і скрыпам адчыніліся. У твар лупанула яркае летняе сонца. “Свет напрыканцы танэля”, - падумаў Сярога. Паціху вочы сталі прызвычаівацца да дзённага святла. Пачалі намалёўвацца нейкія сілуэты. Сярога паспрабаваў абыйсці злева.
Сілуэты, два напампаваных пад два мэтры бамбізы, заступілі дарогу: “Вам сюды”. Грубшы бамбіза далонню скіраваў Сярогу да прэстыжовага чорнага з адчыненай задняй дверцай аўто. З-пад піджака мільгнула кабура з пісталетам. На капоце дзяржаўны сцяг. У Сярогі мільгнула думка: “Усё, кар’ер... Даруйце, дзеткі, даруй, каханая... Мо збегчы? Ды куды там – куля наздагоніць...” Бездапаможна азірнуўся па бакох – нікога. Толькі мноства міліцыянтаў на матацыклах. Крычы ні крычы... Сярога зразумеў: “Усё”. Пакорліва сеў у аўто, абняўшы мегафон. Адзін бамбіза сеў зправага боку, другі – злевага. Кіроўца за грубым шклом. “І не рыпнешся”, - падумаў Сярога і падрыхтаваўшыся да найгоршага запытаў: “Куды мяне павязеце гэтым разам?”
“Вас хоча бачыць Прэзідэнт!” – адказаў грубшы, мабыць быў старшым.
“У палац!” – загадаў старшы кіроўцу.
Дзяржаўто ў суправаджэнні трох дзесяткаў матацыклістаў паляцела па вуліцах сталіцы, павярнула на праспект Незалежнасці, ліха дрыфтанула вакол Тэатра імя Янкі Купалы і эфектна зупынілася перад галоўным уваходам на Карла Маркса 38.
Дубовыя дзверы аўтаматычна адчыніліся. З дзвярэй выкаціўся дывановы валік, праклаўшы чырвоную ваўняную дарожку да самой дзверцы аўто. Шпаркі кіроўца абег капот і ўслужліва адчыніў дзверцу.
Першым вываліўся грубшы бамбіза. Драбнейшы ўпарта падпіхваў Сяргея да выхаду. “Давай-давай, або за непадпарадкаванне тэрмін атрымаеш”, - шыпеў ён на вуха Сяроге. Сярога не ўпіраўся, проста мегафон замінаў рухацца.
Накіроўваючы Сярогу пад рукі ў патрэбным кірунку бамбізы пашыбавалі па прыступках у глыбіню палаца. Зупыніліся перад двярыма з надпісам “Зала пасяджэнняў” па бакох два вайсковых з “васільковым” аколышкам на “мікалайках”. Адкрываюцца дзьверы. Некалькі роўных радоў стульяў, занятыя прадстаўнікамі разнастайных сродкаў масавай інфармацыі, асвятленне, камеры... Перад стульямі круглы стол з мікрафонамі вакол якога сядзяць людзі з партфелямі. Сяргей бачыць - міністры...
“Яе Вялікасць Прэзідэнт!” - абвесціў хлопец у смокінгу з мятлікам і адчыніў бакавыя дзверы. Міністры падхапіліся...
“Ну зараз я табе дам!” – падумаў Сярога і ўключыў мегафон, каб выказаць усё, што назбіралась у душы... Мегафон піскнў і, Сярога зразумеў, здох.
Увайшла жанчына ў чорным касцюме, чорнай масцы і чорнай чапцы з надпісамі “Краіна для Жыцця”. Зашчоўкалі апараты, забліскалі ўспышкі... “Галюнікі нейкія”, - падумаў Сярога, углядаючыся ў жанчыну, якая нагадвала яму нешта дарагое сэрцу, роднае і блізкае.
“Не забылі лі вы, кім я вам прыходжуся?” - пыхнула дарагімі парфумамі да Сярогі Прэзідэнт і звярнушыся да бамбіз запытала: “Вы бы яго прынамсі адэкалонам папырскалі”. Сярога пачырванеў, ўсведамляючы, як востра прамянюе турэмнымі пахамі. І голас! Да жончынага падобны! Мегафон выпаў з рук. Ногі сталі ватнымі і ён паваліўся бы на падлогу, але моцныя рукі бамбіз утрымалі яго ў вертыкальнай пазыцыі.
“Не падумалі”, - адазваўся старшы.
“Усе ВЫ мужыкі аднолькавыя...”, - дакарыла бамбіз прэзідэнт і звярнулася да Сярогі: “Не знудзела табе па службовых падарожжах бадзяцца? Зусім ад хаты адбіўся, на сям’ю забыўся, дзеткамі не займаешся. Вось табе першае маё прызначэнне: “Будзеш міністрам “Араджэння нацыі”. Займіся выхаваннем дзяцей і падданых. Каб урэшче рэшт грамадзяне сабе ня толькі людзмі адчулі, але і народам. Каб песні на роднай мове навучылісь разам спяваць. Вось з “Муроў” і пачні... У табе добра атрымлівалася.
А зараз дапамажы нам. Ня ведаем, што з гэтай пачварай рабіць, кіўнула на клетку з цваначэсаным тараканам. Побач з клеткай стаяла школьная дошка з напісаным крэйдай сказам: “Страціць нельга злітвацца”, а збоку на цвічку вялізны тапак вісіць... Скажы дзе правільна коску паставіць?..”
Клацнула “кармушка”. “Кіпень трэба?” зароў калідорны. Сяргэй прачнуўся ў халодным ліпкім поце: “О халера! Я ж супраць смяротнага пакарання! Гэта ж грэх які!..”
І з цяжкасцю ўсвядоміў, што гэта была ўсяго толькі мроя, а сапраўдная рэчаіснась, неба ў краткі, мулкія нары, параша, нязгаснае асвятленнее ў дзень і ў начы, штодзённыя сустрэчы з маральнымі ўродамі-следчымі: “Вызнай віну – меней дадуць...”
Ізноў забразгаталі засовы, з пранізлівым скрыгатаннем прыадчыніліся жалезныя дзверы: “Блогер?! - З рэчамі на выхад!..”