03.12.2016 Грамадства
Чарговы суд за ўшанаванне нацыянальных традыцый
Днямі грамадскі актывіст з Кобрына Аляксандр Мех атрымаў позву ў суд Кобрынскага раёна.
22 лістапада старшы ўчастковы інспектар, майор міліціі Свідуновіч азнаеміў Аляксандра з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Як выявілася, за ўдзел грамадскага актывіста ў мерапрыемствах па ўшанаванню памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы, Аляксандру Меху ўмяняюць удзел у несанкцыянаваных мітынгу і шэсці, то бок парушэнне ч. 3 арт. 23.34 КаАП “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Сведкамі з’яўляюцца супрацоўнікі міліцыі. Справа была перададзена ў суд.
Актывіст лічыць, што ўшанаванне нацыянальных і рэлігійных традыцый, у дадзеным выпадку памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага на “Дзяды”, не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, гэта справа сумлення, самапавагі, элементарнай людзкай годнасці. Судамі і штрафамі ўлады хочуць залякаць грамадства, пазбавіць волі да супраціву.
У атрыманай позве пазначаныя дата і час пачатка разгляду справы – 5 сьнежня 14-30.
Аляксандр Мех запрашае ўсіх жадаючых на пасядженне суда.