28.09.2016 Грамадства
Пытанне куды знік аркуш чыстай паперы засталося без адказу
27 верасня у судзе Маскоўскага раёна г. Брэста адбыўся разгляд скаргі Сяргея Вакуленкі.
Сяргей Вакуленка падчас выбараў Прэзідэнта 2015 года на датэрміновым галасаванні атрымаў на выбарчым вучастку бюлетэнь для галасавання, але замест бюлетэня ў скрыню для галасавання ўкінуў чысты аркуш паперы памерам А4. Сам жа бюлетэнь вынес з вучастку.
Пасля выбараў ён даведаўся ад Аляксандра Мельніка, які назіраў за падлікам галасоў на гэтым жа выбарчым вучастку, што ніхто з членаў камісіі і сам назіральнік падчас падліку галасоў са скрыні для датэрміновага галасавання не бачыў чыстых аркушоў паперы. Лічбы выдадзеных выбаршчыкам бюлетэней і знойдзеных у скрыні супалі.
Сяргей Вакуленка не зразумеў, як такое можа быць, ягоны бюлетэнь у яго. Узнікла пытанне, а што за бюлетэнь апынуўся ў скрыні і куды знік чысты аркуш паперы.
Сяргей Вакуленка звярнуўся па высвятленне абставінаў і узбуджэнне крымінальнай справы ў міліцыю. Пасля правядзення праверкі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена.
Вакуленка незадаволены якасцю праверкі звярнуўся ў суд.
28 верасня суд прыняў рашэнне адмовіць у заяўленых Сяргеям Вакуленкам патрабаваннях і пакінуць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сіле.