30.07.2016 Грамадства
Прэтэндэнт у дэпутаты лічыць, што газета “Кобрынскі Веснік” парушае выбарчае заканадаўства
Днямі чытачы газеты “Кобрынскі Веснік” пабачылі на першай старонцы №59 газеты за 2016г. артыкул з фотаздымкам за подпісам Наталлі Ефціфеевай аб тым, што 15 ліпеня ў цэнтры горада прайшоў пікет па сбору подпісаў за выдвіжэнне ў Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Васілья Дземідовіча (дзеючы дэпутат мясцовага савета).
Прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь у АВК прадпрымальнік Алесь Мех таксама зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па вылучэнню ў кандыдаты ў дэпутаты пад №1.
Алесь Мех кажа: “Мы рэгулярна выстаўлялі пікеты па сбору подпісаў кожную суботу і нядзелю каля галоўнага ўваходу на вялікі рынак і каля аўтобуснага прыпынку, што ля рэстарана “Кобрын”. Але гэту падзею журналісты газеты не заўважылі”.
Алесь Мех палічыў гэты матэрыял у газеце “Кобрынскі Веснік” скрытай агітацыяй за канкрэтнага праўладнага кандыдата, і пісьмова звярнуўся ў рэдакцыю: “Калі вы даеце падобную інфармацыю, журналісты павінны быць аб’ектыўнымі і асвятляць аналагічныя падзеі, звязаныя з іншымі кандыдатамі”.
Прэтэндэнт у дэпутаты Алесь Мех таксама лічыць, што з артыкула таксама вынікае, што адзін і той жа чалавек можа паставіць подпіс толькі за аднаго чалавека, што з’яўляецца недакладнай інфармацыяй альбо дэзінфармацыяй”.