17.06.2016 Грамадства
Сустрэча грамадзкіх дзеячоў Баранавічаў з кіраўніцтвам горада
15 чэрвеня група грамадзкіх дзеячоў і праваабаронцаў сустрэліся з намеснікам старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Анатолем Гарбузам.

Сустрэча тычылася заявы, падпісанай 30-цю грамадзянамі і пададзенай тыдзень таму ў гарвыканкам, у якой грамадзяне патрабавалі змяніць дзеючае рашэнне па масавых мерапрыемствах у горадзе Баранавічы.
Грамадзяне выказвалі абурэнне тым, што ў сваім рашэнні гарвыканкам выдзяліў адзінае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у глыбіні старога адлюднага парку, які абмінаюць людзі, фактычна ў лесе.
Дэлегаты патрабавалі ад кіраўніцтва гарвыканкама вылучыць у горадзе некалькі месцаў у розных кутках горада для правядзення масавых мерапрыемстваў у выкананне Закона. Акрамя таго патрабавалі адмяніць, як незаконныя, аплату арганізатарамі паслуг міліцыі, камунальнікаў і “хуткай дапамогі”. Як прыклад прывялі рашэнні гарвыканкамаў Берасця, Гомеля і іншых гарадоў Беларусі, дзе ў выкананне Пастановы Савета Міністраў, аплата за паслугі міліцыі не бярэцца.
Дэлегаты абуралісь фактам, што напрацягу больш 9 гадоў гарвыканкам не дазваляе грамадзянам праводзіць масавыя мерапрыемствы, чым парушаюць Канстытуцыю і Міжнародны Пакт аб Грамадзянскіх і Палітычных Правах. У той сама час гарацкія ўлады і праўладныя арганізацыі ладзяць свае мерапрыемствы, дзе пажадаюць, часам парушаюць Закон “Аб масавых мерапрыемствах..” – праводзяць свае мерапрыемствы ў забароненых месцах, бліжэй чым дазволена законам ад будынкаў, якія маюць стратэгічнае значэнне.
Грамадзяне неаднойчы скардзілісь у Камітэт па Правах Чалавека ААН. Іх прэтэнзіі былі прызнаныя слушнымі, але ўлады па-ранейшаму парушаюць права жыхароў Баранавічаў на мірныя сходы.
Як паведаміў адзін з дэлегатаў праваабаронца ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша: “Намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Анатоль Гарбуз уважліва выслухаў нас, абяцаў разабрацца і прыняць адпаведнае рашэнне. Паглядзім якім будзе вынік нашай заявы і сустрэчы...”