Друк
10.06.2020
Расправа за крытыку ёсьць сьведчаньне слабасьці кіруючага рэжыму...
 
Брэсцкі абласны суд пакінуў рашэнне суда Ленінскага раёна без зменаў, а скаргу экаактывіста Дзяніса Малышэнка без задавальнення.

Нагадаем. 8 траўня а 13-05 на вул. Касцюшка Дзяніс быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і змешчаны ў ІЧУ Ленінскага РАУС. У дачыненні да яго быў складзены адміністратыўны пратакол за здзяйсненне 3 траўня адміністратыўнага правапарушэння прадугледжанага ч.1 арт.23.34 КаАП.

11 мая 2020г. у 14 гадзін экаактывіста даставілі ў суд, які прыцягнуў да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў 30 базавых (810 рублёў). У судзе супрацоўнікі міліцыі не змаглі патлумачыць, а суд не высветліў у іх, якую небяспеку ствараў Дзяніс Малышэнка прысутным там грамадзянам і дзяржаве, знаходзячыся на плошчы, і падчас шэсця па вуліцах Берасця 3 траўня.

У абласным судзе экаактывіст марна даводзіў суддзе Васілюку А.А., што 3 траўня каля 12 гадзін прыйшоў на плошчу Леніна ў г. Брэсце і там меў зносіны з прысутнымі на плошчы знаёмымі яму людзьмі не згоднымі з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў г. Брэсце. Што прысутныя на плошчы грамадзяне былі ў масках і вялі размову ў гуппах па 3-4 чалавекі, якія знаходзіліся адна ад другой на адлегласці не менш за 7 метраў. Што ніхто з тых, хто сабраўся грамадзкі парадак не парушаў. Што супрацоўнікі міліцыі, якія прысутнічалі на плошчы, у тое, што адбываецца на плошчы не ўмешваліся.

Што абвінавачванне яго ў тым, што "выказваўся супраць дзейнай улады і будаўніцтва акумулятарнага завода" сведчыць пра тое, што ў нашай краіне адсутнічае магчымасць крытыкі кіраўніцтва дзяржавы за яго памылкі, не кажучы ўжо пра злачынствы...

Расправа за такую крытыку ёсьць сьведчаньне слабасьці кіруючага рэжыму, наяўнасці невылечнай хваробы, ня сумяшчальнай з нармальным развіццём дзяржавы”, - падсумаваў Дзяніс Малышэнка, - Супрацоўнікі міліцыі падверглі мяне адміністратыўнаму затрыманню ў мэтах запалохвання, а пакаранне мяне 11 траўня штрафам за парушэнне ч. 1 арт. 23.34 КаАП з'яўляецца абмежаваннем майго права на свабоднае выказванне сваіх меркаванняў і права на правядзенне мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

З пастановай не згодны, віну не прызнаю...

 

 
© 2021 "Берасцейская вясна"