Друк
01.12.2016 Грамадства
Сярод беспрацоўных Брэста права на працу мае ня кожны
 
Яшчэ некалькі гадоў таму на ўліку ва ўпраўленні па працы занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Брэсцкага гарвыканкама налічвалася дзве з паловай тысячы вакансій. Але ў 2014 годзе сітуацыя на рынку працы ў горадзе значна пагоршылася, і ўжо на пачатак 2015 года колькасць вакансій знізілася да 1096, праз год - да 692, а на 1 лістапада гэтага года крыху падрасла - да 841.
 
У той жа час вырасла колькасць тых, якія стаяць на ўліку беспрацоўных: на пачатак лістапада 2016 года іх налічвалася 2118 чалавек. Атрымліваецца, што на адну вакансію прэтэндуе больш за два чалавек (2,5). Але што цікава: калі раней у пераліку вакансій большасць складалі не прэстыжныя санітаркі, нянечкі, дворнікі, кухонныя працоўныя, якія не патрабуюць спецыяльнай адукацыі і кваліфікацыі, то зараз наадварот – рынку працы патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты, якія маюць вопыт: інжынеры-энергетыкі, газаэлектразваршчыкі, электраманцёры, швачкі, прадаўцы і іншыя.
 
І, вядома, ва ўмовах моцнай канкурэнцыі, калі прапанова перавышае попыт, прэтэндэнты трымаюць экзамены амаль як абітурыенты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Тут вам напісанне рэзюмэ пра сябе, і конкурсы, і гутаркі, і разнастайныя заданні, і выпрабавальныя тэрміны. Ясна, што не кожнаму перш чым атрымаць працу наканавана прайсьці адборачнае «сіта».
 
Але горш за ўсё тым, хто вызваліліся з месцаў зняволення, з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, тым, якія выйшлі на волю з чыстым сумленнем. На жаль, іх працоўная кніжка, можна сказаць, асуджаная доўгі час заставацца чыстай, як і іх сумленне, якое не каштуе грошай на рынку працы. Яны дысцыплінавана прыходзяць у цэнтры занятасці, дзе ім даюць накіраванні на працу. Але ў аддзелах кадраў прадпрыемстваў і арганізацый, паглядзеўшы ў іх працоўную кніжку і на сінія наколкі, нічога не варта секануць па-жывому: «Тут ня трэба, ужо ўзялі!». Як праверыць: узялі ці не? Вось і мыкаюцца небаракі ад парога да парога. А жыць-то на што?
 
Ды і грашовая дапамога па беспрацоўі, калі яго атрымліваюць, - курам на смех. Ад адной да дзвюх базавых велічынь, гэта значыць ад 210 да 420 рублёў. Пры гэтым яна не ўсім вызначаецца. Напрыклад, яе не даюць тым, хто звольніўся з працы па ўласным жаданні ці па пагадненні бакоў, калі чалавек быў аформлены на нявызначаны тэрмін.
 
Зараз, праўда, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падымае пытанне, каб тым работнікам, якія трапілі пад скарачэнне, прызначалі грашовую дапамогу на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму, па-іншаму, на ўзроўні рысы беднасці, а тым, каго звольнілі пасля заканчэння кантракту, нават без абвяшчэння прычынаў, на ўзроўні паловы бюджэту пражытачнага мінімуму. Ходзяць чуткі, што на гэты конт рыхтуецца спецыяльны прэзідэнцкі ўказ.
 
Ход канём
 
Часам наймальнікі нярэдка выкарыстоўваюць змяненне істотных умоў працы як форму схаванага скарачэння, прапаноўваючы работнікам змену аб'екта, размешчанага ад месца жыхарства за сотні кіламетраў, і ў цэлым непрымальныя ўмовы працы, скажам, слесара высокага разраду часова, пакуль няма працы, пераводзяць працаваць грузчыкам ці прыбіральшчыкам тэрыторыі . Гэтым самым работнікаў прымушаюць да звальнення.
 
У такіх сітуацыях людзі трапляюць ў вельмі неабароненае становішча, паколькі пры звальненні не атрымліваюць выхадной трохмесячнай грашовай дапамогі, пры рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага ў першы месяц не атрымліваюць матэрыяльнай дапамогі, не трапляюць пад праграмы перанавучання і іншыя меры сацыяльнай абароны, прадугледжаныя пры скарачэнні штату.
 
Да прыкладу, у Брэсцкае абласное аб'яднанне прафсаюзаў і абласны камітэт прафсаюза работнікаў будаўніцтва і промстройматериалау вясной бягучага года звярнуліся працаўнікі філіяла «Брэсцкае мантажнае ўпраўленне» ААТ «Белсантэхмантаж-2». Праблема была ў тым, што наймальнік, першапачаткова паведаміў людзям аб будучым скарачэнні, потым змяніў сваё ранейшае рашэнне і прапанаваў берасцейцам працу на галаўным прадпрыемстве ў Менску. Пры гэтым работнікі ў выпадку адмовы пазбаўляліся пакладзенага ім у сувязі са скарачэннем колькасці (штату) выхадной дапамогі ў памеры трохразовага сярэднямесячнага заробку і маглі разлічваць толькі на выплату двухтыднёвай грашовай дапамогі.
 
Каб пазбегнуць парушэнняў правоў працаўнікоў, у траўні з кіраўніцтвам прадпрыемства і працоўным калектывам сустрэліся прававыя інспектары працы абласнога аб'яднання прафсаюзаў Ірына Міхновіч і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў будаўніцтва і промбудматэрыялаў Вольга Ковалёк. Наймальнік прызнаў, што ў дадзенай сітуацыі мае месца спыненне дзейнасці Брэсцкага філіяла «Белсантехмантажа-2», а не змяненне істотных умоў працы. У выніку ў чэрвені бягучага года працаўнікі законна былі звольненыя па скарачэнні колькасці (штата). Толькі канчатковы разлік у дзень звальнення, як таго патрабуе Працоўны кодэкс, наймальнік не зрабіў. Прафсаюзныя юрысты на два тыдні выязджалі ў Мінск. Яны прынялі ўдзел у 27 судовых пасяджэннях, адстойваючы інтарэсы 30 работнікаў.
У кастрычніку суд Кастрычніцкага раёна г. Менска прыняў канчатковае рашэнне і абавязаў наймальніка выплаціць пазоўнікам не толькі 400 мільёнаў рублёў у выглядзе канчатковага разліку, але і суму сярэдняга заробку за затрымку разліку пры звальненні. Яна апынулася вышэй, чым канчатковы разлік: 550 мільёнаў недамінаваных рублёў!
 
Дадзеная практыка ідзе насуперак з рэкамендацыямі, замацаванымі ў Генеральным пагадненні паміж урадам, наймальнікамі і прафсаюзамі на 2016 - 2018 гады. У прыватнасці, па ўключэнні ў калектыўныя дагаворы палажэнняў, якія гарантуюць добрасумленным работнікам, які не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканаучай дысцыпліны, падаўжэнне кантрактаў на максімальны тэрмін.
 
Федэрацыя прафсаюзаў прапануе ўвесці дадатковыя меры абароны працоўных пры кантрактнай форме найму. Гэта пытанне абмяркоўвалася на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам ў кастрычніку гэтага года. З улікам сацыяльнай напружанасці на рынку працы, дзе на 100 вакансій прыходзіцца 114 беспрацоўных і павялічваецца сярэдні перыяд іх працаўладкавання, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступае за прадастаўленне добрасумленным работнікам шэрагу дадатковых гарантый пры кантрактнай форме найму. У прыватнасці, прафсаюзы настойваюць на ўключэнні ў калектыўныя дагаворы такіх нормаў, як выплата заработнай платы два разы на месяц з пазначэннем канкрэтных тэрмінаў, падаўжэнне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін, абарона інтарэсаў работнікаў перадпенсійнага ўзросту і іншых катэгорый.
 
Так, як бачым, права на працу можна мець, а вось працу - нажаль не!
 
 
© 2021 "Берасцейская вясна"