Друк
18.09.2016 Грамадства
Верасень 1939-га: ці сьвяткаваць, ці памятаць?
 
17 верасьня 1939 г. — безумоўна, важная падзея ў гісторыі Беларусі. Гэта адзін з этапаў фармаваньня адзінай нацыі і на шляху да дзяржаўнай незалежнасьці. БССР, безумоўна, марыянеткавая, але ж форма дзяржаўнасьці. Вядома ж верасень 1939-га — падзея вельмі неадназначная. Вось жа і ставіцца да гэтай падзеі трэба адпаведна: памятаць, але не захапляцца і не сьвяткаваць.
 
Абсалютна недарэчна і няправільна беларусам глядзець на гэтую дату з польскіх пазіцыяў: «Ах, які жах, бедную Польшчу падзялілі Саветы з нацыстамі». А тое, што гэтая самая Польшча за два дзесяцігоддзі перад гэтам сама ў такіх самых цынічных дзялёжках Беларусі з бальшавікамі спакойна ўдзельнічала ў Рызе — пра гэта чамусьці забываюць. Як забываюць і тое, што Польшча з нацыстамі ў верасьні 1938-га ўдзельнічала ў ганебным разьдзеле Чэхаславакіі.
 
Захапляючыся «чаркай і скваркай» у міжваеннай Польшчы ды шкадуючы яе, няшчасную — падзеленую Саветамі і нацыстамі, многія беларусы забываюць, што іх продкі ў той Польшчы былі грамадзянамі другога гатунку. І гэта ня бальшавіцкі міф. У Польшчы канца 1930-х гг. былі рэальныя забароны на прафесію. Нацменшасьці практычна ня мелі шанцаў займаць больш-менш значныя пасады ва ўладзе без дэкларацыі сябе як «правдзівэго поляка», практычна не маглі атрымаць адукацыю на сваёй роднай мове, не маглі зрабіць вайсковую кар'еру, бо афіцэрамі маглі быць адно палякі ці тыя праваслаўныя, хто выракся сваёй нацыянальнасьці. Настаўнікамі на Заходнім Палесьсі маглі быць толькі прысланыя з цэнтральнай Польшчы або мясцовыя палякі. Беларусаў, калі яны і здолелі вывучыцца на настаўнікаў, накіроўвалі працаваць на этнічна польскія землі. Падобнае адбывалася і з беларускімі ксяндзамі. І шмат яшчэ чаго з таго польскага «раю» можна прыгадаць. Адна радасьць была — ГУЛАГаў у Польшчы для беларусаў не было!
 
Шчасьце і радасьць заходніх беларусаў у верасьні 1939-га было, але кароткім і нядоўгім. Хутка разабраліся і стала сумна, а некаторым і страшна.
 
А праўда ў тым, што ЧУЖАЯ ўлада — польская, савецкая, нямецкая ці расейская — яна ніколі ня можа быць для нас СВАЁЙ. І няма чаго шкадаваць тую чужынскую ўладу. У чужынцаў заўжды свой інтарэс адносна нас. Мы ж павінны заўсёды памятаць і ў любых умовах дбаць ПРА СВАЁ.
 
 
© 2020 "Берасцейская вясна"