Друк
04.09.2013 Грамадства
На канікулах – ў Чэхію

У жніўні на летніх канікулах прадстаўнікі беларускага кляса разам з бацкамі наведалі чудоўную краіну – Чэхію.
 
Гэта была першая спроба бацькоў вучняў 3 “Б” (Беларускага) класа Пачатковай школы №34 г. Брэста навязаць зносіны з беларускімі дыяспарамі замежжа. Рыхтавацца пачалі задоўга да паездкі, але да Прагі, на жаль, змаглі паехаць ня ўсе, кагосьці з працы не адпусьцілі, хтось захварэў напярэдадні паездкі, камусь візы не хапіла…
 
Польшча
 
Мы падарожнічалі на самаходзе праз Польшчу з начоўкай недалёка чэскай мяжы ў ваколіцах Садоў Дольных ва ўтульнай “Карчме ў Мацея”, дзе мы адпачылі, паснедалі і, на дарожку, спякотным днём паплёскалісь у цудоўным “трапікальным” басейне.
 

 
Далейшы шлях пралягаў сярод невысокіх але маляўнічых гор, дзе натрапілі на цудоўны замак у мястэчку Болькаў. Колісь княжыў у замку, як мы даведалісь, між іншымі князь Болька ІІ. Замку 700 гадоў, але ўсё добра захавалася: гарматы, вежы, падземная студня, ёсьць музей і выставы. Усё можна было аблазіць і абмацаць – дзеці былі ў захапленьні…
 

 
 
Чэхія
Прага
 
У Празе мы затрымаліся ў Беларускім Доме, гэта адмысловы моладзевы гатэль, дзе ў навучальны перыяд жывуць студэнты, а летам падарожныя людзі з- усяго сьвету. Наспадыняй гатэлю з’яўляецца нашая зямлячка пані Алена. У нашым распараджэньні былі ўсе неабходныя ўмовы і выгоды. Пані Алена распавяла нам сама розныядзівосы аб жыцьці ў Празе, як апынулася, у апошнія гады ўся прамысловасьць была вынесена па-за межы места. Сёньня гэта экалягічна чысты горад у якім шмат турыстаў. Там няма бездомных сабак і катоў, дзяржава нават даплочвае ўладальнікам нейкую суму на іх утрыманьне.
 
У першы дзень мы самастойна наведалі Стары горад. Дзецям усё спадабалася асабліва пускаць мыльныя бурбалкі. Яны пабачылі нейкага дзядзку-чэха, які пускаў бурбалкі на пацеху мінакоў, ужо праз хвіліну беларускія дзеткі завалодалі прыладамі і пускалі 2-3х метровыя бурбалкі пакуль мыла ў вядры не сконьчылася.
 

 
Адрозьненьне беларускай і чэскай моваў перашкоды ў камунікаваньні з мясцовымі жыхарамі ў беларкскіх дзетак не стварыла. Потым дзеткі таньчылі пад музыку, якую на старамесскім пляцы выконвалі музыканты.
 
Беларуская дыяспара
 
На наступны дзень мы пазнаёмілісь з прадстаўнікамі чэскай беларускай дыяспары Віталём Цімошчанкам і Андрэям Гайко, якія паказалі нам “Клубоўню” –
 

 
месца дзе збіраюцца прадстаўнікі беларускай дыяспары і расказалі аб сваёй грамадзкай дзейнасьці. Пазьней зрабілі для беларускіх дзетак і іх бацкоў экскурсію па Празе. Нам паказалі стары горад: Карлаў мост, Старамесскую і Парахавую вежы
 

 
, паслухалі і паглядзелі вядомыя праскія куранты - Арлой.
 
Беларуская Прага
 
Як апынулася ў празе ёсьць шмат мясцінаў звязаных з Беларускай гісторыяй і Віталь з Андрэям пазнаёмілі нас з “Беларускай Прагай”.
Разам мы наведалі “Альшанскія” могілкі, дзе пахаваныя вядомыя беларускія дзеячы, старшыні рады БНР Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка,
 

 

 
сусьветна-вядомы сьпявак Міхась Забейда-Суміцкі, і ўсклалі кветкі на іх магілы.
У “старым горадзе” нам паказалі:
 
Помнік Францыску Скарыне, які ў 1535-39 гг быў каралеўскім батанікам і стаўся адным з заснавальнікаў каралеўскіх садоў
 

 
і мемарыяльную дошку Францыску Скарыне ў Клемінцынуме.
 
Комплекс будоў былой езуіцкай акадэміі, у якой на пачатку 17 стагоддзя вучыліся беларускія вуніяцкія дзеячы Іосіф Руцкі і Рафал Корсак. На яе мурах замацаваная мемарыяльная дошка ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі, якая выйшла ў 1517 годзе ў Празе менавіта ў гэтым сама будынку.
 
Дом дзе знаходзілася рэгістрацыя “Ў Пана Кнюрка”, дзе ў 30-я гады адбываліся паседжаньні Рады БНР і праходзілі святкаваньні ўгодак абвяшчэньня БНР (Беларускай Народнай Рэспублікі).
Грамадзкі дом, з балкона якога была абвешчана незалежнасьць Чэхаславакіі ў 18 годзе, а ў 21 годзе тут адбылася 1-я ўсебеларуская палітычная канферэнцыя, з’ езд прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацый Польшчы, Літвы, Латвіі і Германіі, у 20-тыя гады тут праходзілі сьвяточныя вечары прымеркаваныя да ўгодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
 
Вядомы беларускі дзяяч Юрка Станкевіч, аўтар некалькіх кніг і дапаможнікаў па вывучэньні беларускай мовы, якому летась споўнілася 85 год і які ўжо рэдка выходзіць з хаты, калі пачуў,што дзеткі з Беларусі прыехалі ў Прагу, кінуў усё і паехаў у “Клубоўню”, каб сустрэцца з намі. Не пасьпеў, але змог запрасіць беларускіх дзетак да сябе ў хату…
 
Мы прыехалі са сваімі пернікамі, але Юрка паклапаціўся і запрапанаваў дзеткам сваі пірожныя. На працягу некалькіх гадзін цягнулася гутарка.
 

 
Пра Юрку Станкевіча вядома, адначасова, і шмат, і няшмат. Ён сам распавядаў пра сваё жыццё вельмі сціпла: нарадзіўся ў Вільні. Вучыўся ў Празе, адкуль родам маці. Потым у эміграцыі – у Нямеччыне і Амерыцы. Служыў у амерыканскім войску. Працаваў інжынерам, у тым ліку і на заводзе Siemens. Пры гэтым Юрка Станкевіч сціпла «забывае», што яго называюць «серцам беларускай Прагі», што дзякуючы яго намаганням дзеткі беларускіх эмігрантаў у ЗША і Чэхіі не забыліся на родную мову…
 
Карлштэйн
 
Па дарозе ў замак Карлштэйн мы даведалісь што ў Чэхіі каля 2500 замкаў. Сам замак Карлштэйн (Каралеўскі) ХІV стагоддзя пабудаваны ў гатыцкім стылі. Ён быў заснаваны 650 гадоў таму чэскім каралём і рымскім імператарам Карлам ІV і быў месцам дзе надзейна перахоўвалісь атрыбуты каралеўскай улады і каралеўскія скарбы.
 

 
У адной з замкавыж вежаў была студня, дзе да вады было ні больш ні меньш 78 метраў, а пад вадой даследчыкі недаўна выявілі гарызантальныя тунэлі і маюць намер іх даследваць.
 
Паўсюль дзе нашыя дзеткі-беларусы паяўляліся у нацыянальных строях - прыцягвалі ўвагу і асабліва-прыязнае стаўленьне мясцовых жыхароў і гасьцей Прагі.
 

 
Дзецям вельмі спадабалася падарожжа. У будучым яны хочуць наведаць іншыя краіны свету і паглядзець, як там жывуць нашыя беларусы.
 
Уладзімір Вялічкін,
Бацька Францішка, вучня 3 “Б” (Беларускага) класа.
 
© 2020 "Берасцейская вясна"